НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ Існаваў у 1673—1-й трэці 19 ст. за 1 км на Пд ад Нясвіжа. Засн. падканцлерам ВКЛ Міхалам Казімірам Радзівілам, які запісаў на пабудову касцёла св. Крыжа 30 тыс. злотых. Новыя ахвяраванні зрабіў яго сын Кароль Станіслаў. У 1690 рашэнне пра заснаванне кляштара зацвердзіў сейм. Мураваны касцёл па бенедыкцінскай традыцыі быў крыжападобны ў плане, са светлавым купалам на сяродкрыжжы і вежай над гал. фасадам (пацярпеў ад пажару 1793). Паводле інвентара 1804, у касцёле было 5 ілюзорных алтароў, маляваных на сценах, 1 алтар і амбон разьбяныя. Побач з кляштарам размяшчаліся гар. прывілеяваныя могілкі. У 1830-я г. кляштар скасаваны. Будынкі разабраны ў 19 ст.

А.А.Ярашэвіч.

т. 11, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)